Фота: Мінскі дыялог

Пётра Рудкоўскі: «Хельсінкі-2» у Мінску – пакуль што іміджавая абстракцыя

29 мая 2018
Сяргей Запрудскі, Thinktanks.by
Политика
Фота: Мінскі дыялог

Але гэты слоган «цалкам нядрэнна гучыць», наконт практычнай рэалізацыі гаварыць заўчасна, але галоўнае – дыялог па рэгіянальнай бяспецы пачаўся і мае перспектывы.

Сваімі меркаваннямі пасля заканчэння трохдзённага форуму «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх», арганізаванага экспертнай ініцыятывай «Мінскі дыялог» з Thinktanks.by падзяліўся акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў BISS Пётра Рудкоўскі, філосаф, багаслоў, даследчык пытанняў беларускай ідэнтычнасці.

- На форуме прадстаўнікі беларускай улады зноў гаварылі аб праекце «Хельсінкі-2», пра пляцоўку пад міратворчы працэс вялося і сярод экспертаў. Наколькі жыццяздольная прапанова?

- Гэта пакуль што абстракцыя, якая мае пэўны іміджавы эфект, гэта слоган, які зараз цалкам нядрэнна гучыць. І ён, як мінімум, ня шкодны, а можа нават і карысны. Што тычыцца практычнай рэалізацыі, то на дадзены момант няма падставаў на гэтае спадзявацца. Тым не менш, тое, што зараз адбываецца – сустрэча прадстаўнікоў розных краін, розных рэгіёнаў, розных опцыяў, экспертаў, полісімейкераў і прадстаўнікоў урадаў – гэта вельмі важна. Хаця бы па той прычыне, што яны маюць магчымасць чарговы раз (бо гэты форум усё ж не ёсць адзіным такім шанцам) адзін аднаго пачуць і хаця б папросту абмяняцца кантактамі. Персанальная сустрэча зазвычай змякчае самыя розныя напружанні.

- Вашыя асабістыя ўражанні ад форуму?

- У мяне, як я ехаў на гэтую канферэнцыю, на паседжанні, узнікла пэўная паралель з Мюнхенскай канферэнцыяй па бяспецы, якая штогод праходзіць у Германіі з 1962 года. Канешне, справа не ў тым, што я прыраўноўваю Мюнхенскую канферэнцыю да Мінскага дыялогу, але вельмі важна, што апрача такога мерапрыемства, цэнтральнага для Еўропы, для трансатлантычнай супольнасці, якой з'яўляецца Мюнхенская канферэнцыя, ёсць нейкі аналаг вось такога рэгіянальнага спаткання. І тэматыка бяспекі вельмі моцна прысутнічае, знаходзіцца фактычна ў цэнтры гэтых мінскіх дыскусіяў. Я наўрад ці буду мець нейкі ўплыў на канструяванне далейшага фармату такіх спатканняў, але мне, прынамсі, прыватна так уяўляецца, што сапраўды нават па спосабе арганізацыі можна было б нешта ўзяць ад Мюнхенскай канферэнцыі, напрыклад, рыхтаваць цэласнае апісанне выклікаў, каторыя стаяць перад рэгіёнам і каб гэты рапарт стаўся такім пунктам аднясення для дыскусіяў уласна падчас дыялогу альбо канферэнцыі. Гэта, на маю думку, надало б большую арыентацыю для дыскусіяў падчас дыялогу.

- Менскі дыялог крытыкуюць у лагеры апазіцыі, гучаць меркаванні ледзь не пра здраду дэмакратычным каштоўнасцям, маўляў, Еўропа закрывае вочы на правы чалавека, калі падтрымлівае такія мерапрыемствы, арганізатары адвакатуюць рэжым і г.д.

- Размова ніколі не з'яўляецца здрадай. Іншая справа, якім чынам фармуецца гэтая размова, якім чынам абгрунтоўваецца фармат размовы. Тут у мяне ёсць пэўныя засцярогі. Напрыклад да тэзы, што апазіцыя не запрашаецца па той прычыне, што ёй няма чаго сказаць – гэта не даслоўна, але сэнс меркавання менавіта вось такі. Я цалкам разумею і, хутчэй за ўсё, падтрымліваю гэты фармат – што акурат запрашэнне апазіцыі на такога тыпу мерапрыемствы можа быць і неапраўданае. Але, тым не менш, я абсалютна не згодзен з тым, што «не запрашаем па той прычыне, што апазіцыі няма чаго сказаць». Ім ёсць што сказаць, але, магчыма, не ў гэтым фармаце. Варта прадугледзіць іншы фармат, дзе ў тым ліку беларуская апазіцыя магла б выказацца. Бо гэта людзі, якія маюць акрэслены досвед, так, яны могуць быць больш тэндэнцыйнымі – гэта вынікае са спецыфікі іхняй дзейнасці, тым не менш, іх меркаванні важна пачуць і уключыць у нейкую канцэпцыю нашай будучай Еўропы ці будучыні нашага рэгіёну.

- Дыялог паміж Еўразвязам і Беларуссю запаволіўся апошнімі месяцамі, абяцаныя вось-вось быць гатовымі дакументы так пакуль і не падпісваюцца... Працэсс вычарпаў магчымае ў дадзеных умовах?

- Дыялог, на маё адчуванне, толькі пачынаецца. І будучыня, думаю, у яго ёсць. З боку Еўразвязу застаюцца хоць і невялікія, але санкцыі ў дачыненні да Беларусі, з боку беларускага рэжыму надалей прысутнічаюць такія сур'ёзныя праблемы як адсутнасць рэальнага падзелу ўладаў – заканадаўчай, выканаўчай і судовай, праблемы рознага роду з грамадзянскімі свабодамі – гэта ўсё актуальныя рэчы. Застаецца таксама праблема нейкім чынам разлічыцца з мінулым – гэта балючая тэма, яна зараз не артыкулюецца, бо занадта складаная, тым не менш, ад яе назаўсёды ўцячы немагчыма, гэта застаецца таксама і нашым маральным і грамадзянскім абавязкам. Таму тут шэраг пытанняў, шэраг праблемаў яшчэ наперадзе. Але дыялог – усё ж такі гэта аптымальны метад прасоўвання ўзаемаадносінаў наперад. І дыялог не ў тупіку, я лічу, што ён зараз на цалкам нядрэнным узроўні ў тых умовах, якія ёсць на сёння.


ThinkTanks.by может не разделять мнение авторов исследований и публикаций.

Поделиться: